?

Log in

No account? Create an account
ul_sciapan's Journal [entries|friends|calendar]
ul_sciapan

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ calendar | livejournal calendar ]

назіранне [28 Sep 2014|06:22pm]
**
Чарга

Стаяў у чарзе, каб заплаціць "камуналку". Чарга -- дванаццаць чалавек, рухаецца павольна. Вакенца касы, побач аўтаручка, каб подпісы на паперках ставіць. Аўтаручка тая на дроціку-спружынцы. Дроцік заблытаўся і з кожным новым падпісантам заблытваўся ўсё больш і больш, рабіўся карацейшым. І толькі дзесяты плацельшчык, калі да яго дайшла чарга, адклаў паперы і акуратна разблытаў дроцік-спружынку. Не для сябе, бо сваё сціло паклаў побач. Адзін з дзесяці. На яго сварыліся, прыспешвалі, а ён разблытваў. Потым сказаў: "Так яно трохі лепш!"
Адзін з дзесяці.

**
4 comments|post comment

менск [27 Sep 2014|02:27pm]
**
Менск

Заўважыў, што апошнім часам у Менску паболела жабракоў. Бязрукія, бязногія, пакручаныя кадекі трапляюцца ці не паўсюль. Сядзяць, стаяць, хістаюцца, калоцяцца, папяровыя абразкі прадаюць, кветачкі, а некаторыя б'юцца галовамі ў бетон падлогі падземных пераходаў. Спяваюць, моляцца, просяць, вымантачваюць грошы...
Вялікая колькасць жабракоў -- прызнак сталічнасці горада, як не дзіўна.

**
post comment

гэ пэ [26 Sep 2014|03:46pm]
**
Немка

У 1970 годдзе я вучыўся ў пятым класе з упэўненасцю, што жыць у Савецкім Саюзе лепш чым дзе. І нават у шостым яшчэ верыў, але веры той крыху паменела. Была ў тыя школьныя гады мода сярод гэпэшных дзяцей перапісвацца з аднагодкамі з іншых краін. Дзе мы бралі адрасы, як знаёміліся – не памятаю. Я перапісваўся з дзяўчынкай з польскага партовага горада Гдыня. Мой сябар з дзяўчынкай з Чэхаславакіі. Фоткі з замежжа прыходзілі ў дзіўных капэртах, адказы ляцелі ў яркіх капэртах “АВІА” па сем капеяк за адзін. Старэйшая сястра маёй аднакласніцы Томкі Шаўцовай -- Любка перапісвалася з дзяўчынкай з ГДР. І вось за месяц да зімовых вакацый стала вядома, што тая нямецкая дзяўчына прыязжае да сястры маёй аднакласніцы на дзесяць дзён.
Аднакласніца мая жыла ў суседнім доме, у трохпакаёвай камуналцы, на першым паверсе. Бацькі працавалі на шклозавадзе. За два тыдні да вакацый пачаўся неверагодны рух. Дзве сям’і з той камуналкі некуды перасялялі. Прыйшлі будаўнікі і пачалі фарбаваць падлогу і падваконні, паклеілі яркія шпалеры, розныя ва ўсіх пакоях. Адрамантавалі прыбіральню і душавы пакой, пабялілі столь і пафарбавалі пад’езд. Завезлі новыя шафы, вялікую лядоўню, два тэлевізары, кніжкі розныя. Найбольш усіх здзівілі вялізныя бурачковыя дываны ў кветкі і акварыум з рыбкамі. Посуду рознага навезлі, перапранулі ўсю сям’ю ў новае адзенне. Час ад часу побач з пад’ездам спыняліся легкавікі і мужчыны ў шэрых паліто хутка заходзілі ў пад’езд.
І дарослыя і дзеці шукалі нагоду, каб зазірнуць у кватэру Шаўцовых, але не ўсім шанцавала. На дзвярах з’явіўся званок і не ўсім Шаўцовы адчынялі. Некалькі разоў я прапаноўваў аднакласніцы паднесці партфельчык, яна не адмаўлялася. І толькі за дзень да вакацый, Томка сказала, што я ёй зусім не падабаюся і сябраваць са мной яна не будзе.
Немка выглядала звычайна. Шэрае паліто, швадар, шалік, вязаная шапка, акуляры… Немку штодня вазілі ў Гомель: музеі, тэатр, кіно, каток, лыжы (канькі і лыжы прывезлі новыя).
Томка хадзіла па гэпэ важная, не падыйсці. Немка з’ехала. Мэблю з камуналкі вывезлі, канькі і лыжы забралі, суседзі вярнуліся ў два чысценькія пакоі.
**
11 comments|post comment

апавяданне [07 Sep 2014|12:54pm]
**
Уладзімір Сцяпан
Далягляд
апавяданне

У дзяцінстве ў мяне быў выдатны зрок. Такі, што я мог бачыць не толькі лапкі дробных казюрак, але мог разгледець і кручочкі на тых лапках, крыжы і кружкі на бліскучых і цьмяных крылцах, празрыстыя вусікі – быццам дзівіўся праз павялічальнае шкло. Бачыў і тысячы кропачак-зорак у начным небе, малюсенькіх, мігатлівых. І не таму бачыў, што тады паветра было чыстым, а проста яшчэ не паспеў сапсаваць вочы чытаннем кніжак, маляваннем тонкім, як іголка, пёркам дробненькіх літарак, потым тэлевізарам, кампутарам ды іншымі шкоднымі радасцямі. Чаму я пра выдатны зрок, а таму што прыгадаў вакно на гарышчы чатырохпавярховага, яшчэ да вайны пабудаванага дома. Гарышча пад бляшаным дахам агромністае: чорныя бэлькі, кроквы, слупы, цагляныя коміны, а пад нагамі бясколерны пыл, пілаванне, бруд розны, кавалкі дошак, скрыні, бочкі, дошкі, запэцканыя фарбай і галубамі, якія вуркочуць, лапочуць крыламі і носяцца ў змроку, як кажаны. У тым доме, амаль на ускраіне гэ пэ, я і жыў. Аднойчы зайшоў на гарышча. Агледзеўся, падцягнуў да вакна скрыню, узлез на яе, паглядзеў і збянтэжана, войкнуў… Read more...Collapse )
Вялізня панарама расхінулася, расцягнуся, як гумка. Зямля падалася бясконцай, а неба бязмежным. Аблокі плылі кветкамі півоніі з белымі і крышку ружовымі пялесткамі. Прыгледзеўся і нават падалося, што бачу ў блакіце горад Гомель – там, злева, і можа разгледзеў бы яго, каб у вочы не пачало свяціць красавіцкае сонца. Школа і спартыўная пляцоўка ляжалі, як на далоні. Хацелася крыкнуць ад радасці, памахаць рукой, хацелася, каб мяне ўбачылі, але стрымаўся. Хлопцы гулялі ў футбол і здаваліся каротканогімі, маленькімі, хоць і былі старэйшымі за мяне, а вось знаёмы гумовы мячык падаўся вялікім і марудным. Падзівіўся на іржавы школьны дах, на шэрых, як алавянных, галубоў, на цагляныя гаражы побач са школай, на мужчын, якія вэжкаліся побач з чорным разабраным матацыклам. На рубіроідзе, побач з дзвярамі гаража, паблісквалі розныя жалязякі і нагадвалі яшчэ не памытую мясарэзку. Мужчыны курылі і абмяркоўвалі часткі механізма, нагіналіся, сядалі на кукішкі, выдыхвалі блакітны дым. Потым зірнуў на вокны суседняга дома, рыхтык такога ж, як мой… Але гэта мала цікава, да справы адносінаў не мае.
Калі ж прыўзняўся на дыбачкі, то змог убачыць, далёка-далёка, на даляглядзе, нават за ім, нешта сіняе. Яно было цямнейшым за блакіт паветра. Яно было тонкім і яркім, як нітка для вышывання. Давялося мружыць вочы, узірацца, але чым больш стараўся, тым мацней далячынь расплывалася, а нітка то падвойвалася, то разрывалася, ці наогул прападала і яшчэ больш распальвала маю дзііцячую цікаўнасць.
Што гэта? На наступны дзень, адразу пасля школы, я падаўся на гарышча, але на лесвічнай пляцоўцы чацьвёртага нягучна гаманілі дзве суседкі пра сацінавыя халаты, таму давялося перачакаць пакуль яны разыйдуцца па сваіх кватэрах. Хуценька ўзбег, а потым, калі пераступіў парог, то трапіў у гарачую і сухую цемру. Дайшоў да вакна. Узлез на скрыню і пачаў вэжкацца са шпінгалетам, бо нехта зачыніў маё вакно. Нарэшце здолеў даць рады старой раме на чытыры каламутныя шкліны. Падзьмула свежым паветрам. На гарышчы захісталіся, заматлялі рукавамі мужчынскія светлыя кашулі, заварушыліся прасціны… Я зноў, быццам бачыў упершыню, углядаўся ў далягляд, дзівіўся на далёкую сінюю нітку. Але сёння яна не была такой яркай, як учора. У твар дзьмуў вецер, даводзілася мружыцца, пацяклі слёзы, але і высахлі хутка.
Што ж гэта такое сіняе? Згадаў, што калі засынаў, то думаў пра далягляд. Потым, у сне, хацеў да яго наблізіцца, а ён заставаўся на месцы, заставаўся усё такім жа далёкім і прывабным, загадкавым. Выцер налітыя ветрам вочы і падумаў, што калі б мяне заспелі на гарышчы сябры, то пачалі б дражніцца, казаць: “Плакса-вакса гуталін…” Тады ж з’явілася думка, што тое сіняе – мора, але імгненна спахапіўся, адкуль яму тут быць. Я хоць і першакласнік, а не чуў каб мора было побач. Да яго трэба тры дні ехаць на цягніку, ці ляцець на самалёце. Можа гэта рака Сож! Але чаму яна такая роўная-роўная? Сіняе заставалася неразгаданым, незразумелым, прывабным і таемным… У мяне пад лыжачкай пачало смактаць ад трывожнай невядомасці.
І ў вечары, і ноччу, і раніцай я толькі і думаў пра загадкавую сінечу. Не вытрымаў і расказаў Сашку, які вучыўся ў трэццім і жыў на другім паверсе, у суседнім пад’ездзе. Мы пайшлі пасля школы на гарышча, залезлі на скрыню, адчынілі вакно, але лінуў шчыльны дождж. Ён вісеў бахрамой праз якую не толькі далягляд не ўбачыш, але і школьны дах, як след, не разгледзеш. Дачакаліся, дождж скончыўся, выбліснула сонца. На даляглядзе з’явілася напятая сіняя нітка, але мой сябар яе не бачыў, як не ўзіраўся, як не вырачваў свае лупакі, колькі ні прыціскаў да белых броваў далоні брыльком. Я паказваў у далячынь пальцам, праводзіў у паветры лініі, тлумачыў адкуль пачынаецца тое сіняе, па-над чым знаходіцца, расказваў якое яно роўнае…
Але ён яе, маёй ніткі, не бачыў. Паціскаў плячыма, крывіўся, нават плюнуў у вакно з вышыні скрыні. Саскочыў са скрыні, падумаў і прапанаваў злавіць хаця б аднога голуба, кінуць з даху і паглядзець, як ён паляціць… Вядома, Сашка старэйшы на два гады, больш абазнаны ў жыцці, разумнейшы, вучыцца на пяцёркі і на баяне ўмее граць. Калі ён кажа, што няма сіняй ніткі на даляглядзе, то можа і сапраўды яе там няма. Але ж яна ёсць, бачу яе, хоць і расплывіста, але гэта толькі таму, што пасля дажджу паветра мокрае…
На наступны дзень, быццам, каб праверыць, што Сашка памыляецца, з партфельчыкам у руцэ, я прамінуў сваю лесвічную пляцоўку. Падыйшоў да дзвярэй на гарышча і ўбачыў цяжкі замом. Паторгаў яго халоднае цела з дужкай сашчэпленых рук. Замок трымаўся мёртва. Давялося занесці партыфель у кватэру, сказаць маме, што забыўся ў школе падручнік. Пабег, каб хутчэй трапіць на гарышча праз суседні пад’езд. Надвор’е было такое празрыстае, што я адразу ўбачыў сваю сінюю нітку.
Гэта – лес, а перад ім светлы пясок...
Пра тое, што нейдзе ў тым баку ёсць сасоннік, я колькі разоў чуў ад дарослых. Але гаварылі яны пра яго неяк расплывіста, асцярожна, з прыхаваным страхам. Ні хто не расказваў не пра грыбы-баравікі, якіх нарэзаў у ім, ні пра суніцы з чарніцамі. Калі размова заходзіла пра сасоннік, то яна раптоўна прыпынялася, быццам нітка пераразалася. Так гавораць пра нешта забароненае, пра тое, што дзецям не варта і ведаць. Цяпер я той сасоннік бачыў. Сіні лес, а перад ім залацісты пясок. Вось таму і здавалася, што нітка напятая ў паветры, па-над зямлёй.
Першае пра што падумаў, дык пра могілкі пад тымі соснамі, пра жалезныя крыжы і каменныя помнікі, пра мерцвякоў у шэрых прасцінах, пра косткі, чарапы і пра тое, што там жах і жуда. Але чым больш думаў пра нябожчыкаў, тым больш карцела іх пабачыць.
Праз тыдзень да Сашкі прыехаў з Поўначы родны дзядзька – капітан другога рангу, падводнік. Сашка хваліўся корцікам, падводнай стрэльбай з гарпуном, паказваў фуражку, цяльняшку, скуранку, гадзіннік, компас і, нават, чаравікі. Галоўнае – паказаў вялікі марскі бінокаль. Каб выпрабаваць той бінокаль можна было выйсці на балкон, але я пераканаў, што лепш за ўсё залезці на гарышча. Сашка падумаў, бо баяўся выносіць бінокаль з дому, але пагадзіўся.
Сашка даў мне бінокаль, абачліва перакінуў праз галаву раменьчык, загадаў трымаць моцна і ні пры якіх абставінах з рук не выпускаць. На ўсе парады я згодна ківаў, а ён усё гаварыў і гаварыў.
Гарышча. Скрыня. Шпінгалет. Вакно.
Падношу цяжкі бінокаль да вачэй, прыціскаю, і свет кідаецца на мяне, навальваецца так, што ледзь са скрыні не падаю… Па-троху прызвычаіўся да таго, што далёкае робіцца блізкім і неймаверна вялікім. Прызвычаіўся і да таго, што зямля і неба кідаліся ў бакі, ад самага дробнага руху.
Мяне найперш цікавіла далячынь. Убачыў сіні сасоннік, убачыў асобныя дрэвы. Ні крыжоў, ні помнікаў не разгледзеў, прывідаў не заўважываў. Яркая і сіняя нітка таемнага сасонніку – роўная, напятая над светлым пяском, ператварылася ў неахайную стужку размытага брудна сіняга колеру, такога, як на маіх спартыўных штанах. Пачалося вяртанне. Перад сасоннікам пясок з купкамі кустоў… Узаранае цёмна-шэрае поле, зялены луг, дарогі. Вёскі, сады, палі, вадакачка, вуліца, школьны сад, школьны дах, спартыўная пляцоўка …
На гарышчы з’явілася суседка з тазам бялізны. Убачыла нас, насварылася, прагнала. Нават сапраўдны марскі бінокаль яе не ўразіў.
Праз два гады я даехаў да сіняга сасонніка на ровары. Мяне сустрэлі слупы і густа напяты калючы дрот, які не разгледеш і праз марскі бінокаль. Калі я падыйшоў бліжэй, калі хацеў дакрануцца да зялёнага слупка, то з’явіўся салдат з карабінам на плячы, і загадаў “хутчэй правальваць!”. Але я паспеў заўважыць у сасонніку два пагоркі, на іх лакатары, падобныя на шкілеты крылаў, а крышку далей, схаваныя пад плямістую сетку, цягачы з ракетамі. У мяне тады яшчэ быў выдатны зрок.

Ліпень 2014 год
9 comments|post comment

сям'я [07 Sep 2014|12:49pm]
**
Цімафей Севярын і Агаф'я (жончыны прадзеды)
здымак зроблены ў Віндаве (сёння -- Венспілс) 1906 год.


прадзед
4 comments|post comment

ВУЛІЦЫ І ЛЮДЗІ [20 Jun 2014|10:03pm]
**
Вуліцы і людзі

Дзядька Юзік-сталяр вучыў свайго сына Вітальку лічыць... Пальцы няспешна свае загінаў. Спачатку на левай руцэ – пяць. Потым на правай – тры… Пяць на левай, на правай – тры.
Мой аднакласнік Віталька толькі восем і скончыў, а потым – турма. Столькі ж пальцаў было ў Куцапалага Юзіка.

**
post comment

запіс [09 Jun 2014|08:52pm]
**
МАЛАКО
У ранішнюю каву лію малако... Звычка, Завядзёнка.
Ніколі не задумваўся пра тое, што малако -- першая ежа чалавека. Успомніў, як асцярожна мама ставіць на стол поўны кубак. Асцярожна і беражліва, бо ён наліты ўкрай і мне даводзіцца нагінацца, каб зрабіць першы глыток. Сёння, раптам, задумаўся і разліў малако...

**
1 comment|post comment

кніжка [22 May 2014|10:18pm]
**
ПРА ДЗІЦЯЧЫЯ МАЛЮНКІ
Ўдзячны Аляксандры Дынько

http://www.svaboda.org/content/менск-без-цэнзуры-як-бачылі-савецкія-дзеці-жыцьцё-сталіцы-ў-мінулым-стагодзьдзі/25394879.html

**
2 comments|post comment

мама [22 May 2014|06:41am]
**
МАМА

Учора чатыры разы тэлефанаваў маме ў Касцюкоўку. Потым двойчы ўвечары набіраў, а хатні тэлефон маўчаў. Позна тэлефанаваць не хацеў, бо думаў, што пабужу, а мама толькі расхвалюецца -- не засне потым. Дачакаўся раніцы -- маўчанне...
Нарэшце пачуў яе голас. Стомлены,.. Аказалася, што ў стоматолага была,..
"А я ключ павярнула, а тэлефон трашчыць пачаў. Пакуль вярнулася, пакуль дзверы адчыніла -- ён і змоўк.Так і падумала, што гэта ты..." -- сказала мама, цяпер сваім звыклым голасам.
Тут маё сэрца і сцішылася.

**
post comment

ЭЛЕАНОРА [18 May 2014|04:58pm]
**
Бэз Элеаноры

Язерская шырока сядзела на лаве, побач са Свіслаччу, побач з будынкам тэлебачання. Яна млела і абмахвалася яркай спадніцай. Быў спякотны травень 1999 года. Тэлевежа бялела і чырванела, насоўвалася бэзавая хмара, але і сонца пякло. На лаве стаяла пляжная валіза, У валізе сядзеў белы кот і стомлена каўкаў. Валізу ўпрыгожвалі каляровыя каменьчыкі, кавалачкі люстэрка, ракаўкі. Мы з дачкой прыселі побач. Дачцэ было гады чатыры і яна дзівілася на белага ката, на яркую разамлелую жанчыну.
Пагаварылі пра нешта малазначнае -- тэлевізійнае. Сабраліся сыходзіць. Элеанора падалася да прыступак, перайшла вуліцу, потым напрасткі па траве да вялізнага куста, і пачала ламіць бэз. Надрала вялікі букет. Мне зрабілася няёмка ад яе нахабства, але змаўчаў. Элеанора з букетам падыйшла і сказала: "Валодзя, хіба я не заслужыла?.. Я столькі гадоў гэтаму тэлебачанню аддала?"
Пра каменьчыкі і кавалачкі люстэрка на валізе з катом ўспомніла дачка.
Я згадаў бэз, які яшчэ добра не расцвіў..,
Той куст і сёння ў кветках, але ў звялых, іржавых, якія па-малу абсыпаюцца, абцярушваюцца...

**
2 comments|post comment

запіс [16 May 2014|09:28pm]
**
Салодка спіцца
і на цвёрдай падушцы...
Дома. У мамы.

**
post comment

запіс [16 May 2014|09:42am]
**
І што той салют
супраць каштана старога
у белых кветках?

**
post comment

жж [14 May 2014|09:01pm]
**
Усім прывітанне!

**
29 comments|post comment

мастакі [27 Apr 2014|09:24am]
**
ГЕНА ХА
Гену Хацкевіча ведаў з 1976 года. Апошні раз сустрэліся 22 красавіка 2014-га, на адкрыцці выставы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Было тлумна, раптам пачуў голас Гены: "Сцепаненка, здароў!" Гена падышоў, на ім была чырвоная куртка, паціснуў маю руку. Убачыў што я жонкай і сказаў: "Сцепаненкі, пайшлі да мяне, я торт куплю, пасядзім, пагаворым... Няма тут чаго глядзець, а я вам свае новыя карціны пакажу..." Калі мы сыходзілі, то Гена стаяў побач са сваім палатном і даваў інтэрв'ю.

Сёння пра сваю апошнюю сустрэчу з Генам расказаў і Валера Шкаруба. Ён сустрэўся з Хацкевічам 23 красавіка, на плошчы Якуба Коласа, на адкрыцці наступнай выставы. Гена яму сказаў: "Шкаруба, што ты ўсё восень малюеш... Напішы лепш вясновы сад, у кветках белых..." Валера памаўчаў, а потым дадаў: " Каб Хацкевіч быў жывы, то прапанову з садам я і забыўся б, а цяпер не магу... Думаю пра той яго белы сад."

**
post comment

учора [12 Apr 2014|01:20pm]
**
АДНАРУКІ АНЭЛЬКА

Ехалі ўчора ў Магілёў. Сонечна, цёпла, краявіды бягуць насустрач вясновыя. Мастакоў на лірычны настрой “прабіла”. Па-беларуску і шафер загаварыў. Валодзя Савіч гісторыю рассказаў. “Ты ж ведеш Толіка Александровіча. Вось з ім і пайшлі мы на рыбу. Малыя яшчэ былі. Прыйшлі раненька-раненька на рэчку. Туман шчыльны. А ў тумане тым жалеза бразгае – там коні пасвяцца, але іх адно чуваць. Ловім рыбу. Раптам з туману выходзіць да нас цётка – вялізная, ў ботах, у ватоўцы, а ў руках сякера! Спалохаліся, дрыжыкі б’юць… А яна гучна так і кажа: “Што, рыбу ловіце? Няма тут рыбы. Усю Анэлька аднарукі пабіў. Ён гранату падпаліць, кіне ў ваду, а як яна ўзарвецца, усю рыбу пазбірае і дамоў… Але разарвала Анэльку аднарукага на мінулым тыдні. Усяго парвала і бераг абваліўся… Няма тут рыбы. Ну лавіце, а я пайшла коней вартаваць…” Цётка з сякерай прапала ў тумане, а нам з Толікам так весела зрабілася і не халодна нават, хоць і рыба не ловіцца”.
Валодзька Савіч спахмурнеў і доўга маўчаў, глядзеў у вакно. А я свае рыбалкі згадваў, сваіх сяброў. І, здавалася, што цётку тую з сякерай бачу, чую, як коні ў тумане пасвяцца, як Анэнька аднарукі корпаецца з запалкамі і толам… А запакі могрыя, не запальваюцца, ламаюцца. Вясна. Краявіды…

**
1 comment|post comment

знаёмы [09 Apr 2014|09:29pm]
**
Рускі чалавек

Сустрэліся ў краме, калі мая рука пацягнулася, каб узяць вялікі ружова-залаты грэйп. Мужчына затрымаў маю руку. Мы не бачыліся дваццаць тры гады. Павіталіся. Міхась, што мяне здзівіла, павітаўся па-беларуску. Да гэтага, колькі яго ведаў, ён упарта і зацята падкрэсліваў, пераконваў, даводзіў, што ён -- рускі чалавек. Тады я смяяўся, бо міхасёва маці -- беларуска з прозвішчам Кульба. І тут, у краме, Міхась пачаў мне даводзіць, што ён цяпер самы сапраўдны беларус. Пераўтварэнне тэлевізійшчыка мяне здзівіла. А ён патлумачыў, што тры апошнія гады працуе ў Кіеве. Цяпер прыехаў да бацькоў, бо мама хварэе...
Развіталіся. Калі вяртаўся дамоў, то падумаў, што Ўкраіне і за Міхася варта падзякаваць. У пад'ездзе спахапіўся, успомніў, што забыўся купіць бульбы.

**
1 comment|post comment

маладосць [05 Apr 2014|06:11pm]
**
Мона

Днямі знаёмы лаяўся, калі расказваў пра спатканне з жанчынай. Казаў што бачыў сотні яе фотак, відэа, а калі першы раз сустрэліся, то не ведаў, як хутчэй развітацца.

У траўні 1974 года, здаецца была пятніца, я трапіў з дапамогай шэранькага пасведчання навучэнца мастацкай вучэльні імя Глебава ў Пушкінскі музей. Не давялося стаяць у даўжэзнай вулічнай чарзе. Там паказвалі "Джаконду", карціну якую бачыў да таго дня толькі ў выглядзе паштовак, чорна-белых і каляровых рэпрадукцый... Мне хапіла часу, пакуль чарга набліжала і падштурхоўвала да невялікага палатна у цьмяна-бліскучай раме. У мяне добры зрок і разглядзеў самы знакаміты партрэт. Гэта было неверагоднае расчараванне, амаль да слёз, але я тады не прызнаўся нікому ў сваім расчараванні...

**
4 comments|post comment

назіранне [05 Apr 2014|08:46am]
**
Большасць гарадскіх галубоў створана з дапамогай звычайнага алоўка і бензіна.

**
post comment

маладосць [03 Apr 2014|09:40pm]
**
У часопісе "Маладосць" №-3
мой тэкст "КРО"

**
10 comments|post comment

імя [30 Mar 2014|11:05am]
**
Была ў мяне настаўніца краслення -- Люцыя Янаўна. Яна -- дачка латышкага стралка, атрымала сваё імя ад слова "Рэвалюцыя".
Быў у мяне настаўнік жывапісу і кампазіцыі -- Кім Хведаравіч. Яго імя ад назвы арганізацыі -- "Камуністычны Інтэрныцыянал моладзі".
Цікава, а сёння падзеі ўплываюць на імёны дзяцей?
Не чуў пакуль пра Майдану Пятроўну, Майдана Тарасавіча...
А вы чулі пра новыя і цікавыя імёны?

**
10 comments|post comment

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]