| ul_sciapan ( @ 2008-07-20 11:23:00 |
| Entry tags: | проза |
ХАРМС
**
Мой сусед, амаль дзевяностагадовы адстаўны палкоўнік, піша кнігу “Бессмяротны подзіг”. Часам тэлефануе мне, каб параіцца па “літаратурных пытаннях”. Даводзіцца выслухоўваць старога чалавека. Пра Данііла Хармса, вядома ж, былы палкоўнік не ведае.
“Я прыехаў на сваім “Масквічы” ў наша ракетна-зенітнае вучылішча і прывёз латэрэйныя квіткі. На КПП мяне прапусцілі. Заходжу ў штаб, адкрываю дзверы… А за дзвярыма стаіць маршал. Я шчоўкнуў абцасамі, адрапартаваў.
-- Таварыш галоўнакамандуючы войскамі супрацьпаветранай абароны Савецкага Саюза, падпалкоўнік Дуброўскі! Прыбыў, каб распаўсюджваць сярод курсантаў і афіцэраў вучылішча латэрэю!”
-- Як ідзе распаўсюд у маім войску.
-- Лепш за ўсіх, таварыш маршал!
-- Так трымаць, падпалкоўнік.
А праз два тыдні маршал Бірузоў загінуў у Югаславіі. Разбіўся на самалёце. У нейкую гару самалёт уплішчыўся. Прыгожы быў маршал.
А можа мне гэтыя гісторыі пра маршалаў сабраць і зрабіць асобны раздзел у кніжцы?”
Я параіў суседу зрабіць асобную главу “Маршалы”.
**