| ul_sciapan ( @ 2008-07-16 18:00:00 |
| Entry tags: | проза |
аверс і рэверс
**
Я зразумеў, што забіць чалавека ўдарам цяжкага малатка па галаве зусім не складана. Нават, калі забойца інтэлегентны пяцідзесяцігадовы літаратар, а яго вораг – трыццацігадовы ўсмешлівы вусаты будаўнік. Літаратара і будаўніка раздзяляе толькі сцяна. Літаратару трэба тэрмінова дапісаць сцэнарый і “скінуць” да 18.00. прадзюсару. Рабочаму, у суседняй кватэры, трэба да 18.00. зруйнаваць старую сцяну ў чатыры цагліны таўшчынёй. Абодва пры справе. Абодва спяшаюцца. Літаратар ціскае клавішы і набірае сказы. Усмешлівы рабочы ціскае пімпачку на сваім жахлівым перфратары і ўгрызаецца ў чырвоную цэглу. Ён трушчыць цэглу, яна сыплецца, ляціць долу. Кавалкі сцяны з грукатам падаюць, перфаратар верашчыць і вые… Літаратар вар’яцее – на лобе высыпаюць дробныя кроплі поту. І рабочы спяшаецца, нават пыл з вусоў няма калі сцерці.
Магчыма, што потым скажуць, што матыў забойства – класавая нянавісць. Няхай гавораць. Літаратар хапае з шафы цяжкі малаток і бяжыць да дзвярэй суседняй кватэры.
**